Home

Рэклама

16 Снж 2009, Сер, 20:39
Дуду ў дуду

Перавёз студыйнае святло з дому на працу.




Альт і Вольга з Наваградка. +2 )

26 Ліс 2009, Чац, 22:06
Тысяча і адна ноч

Манеты Белнацбанка ў мяне выклікаюць поўнае непаразуменне. Чаму ў перамешку з Праваслаўнымі святымі, манетны двор друкуе серыю “Гараскопы”, і поруч з “Наваселлем” і “Вяселлем” казкі “Тысяча і адна ноч” або “Алісіны прыгоды у дзівоснай краіне”. Дзіўны выбар нумізматычных тэмаў. Адзінае, што радуе ў гэтай сітуацыі -- манеты хаця б зроблены па беларуску.





Насця і казкі “Тысяча і адна ноч”.

23 Ліс 2009, Пан, 18:40
галубы

У якасці рэпетыцыі да здымкаў з дзяўчатамі асобна наздымаў белых галубоў.




Прыгожыя прыручаныя да чалавека пташкі.

Пад катам шмат птушак. +4 )

19 Ліс 2009, Чац, 18:53
Мора

Восеньскім вечарам бывае прыемна прагартаць сонечныя летнія здымкі, і нават захапіцца маркотнымі марскімі краявідамі.


21 Кст 2009, Сер, 23:07
Карты

З нерэалізаваных праектаў: добра было зрабіць калоду карт з партрэтамі сучасных беларускіх літаратараў. Менавіта сучасных. Скласці так званы “табель а рангах”. З тымі каго з намі няма мы ужо неяк вызначыліся, каго лічыць Асам, каму па таленту мейсца ў шасцёрках, а хто і на двойку не напрацаваў. Хіба што Скарыну -- Джокерам пакінуць.
А з сучаснымі пісарамі будзе праблема, у “трояшнікі” сучбеллітаратуры большасці творцаў трапляць не ахвота, прызвычаіліся да эўфемізмаў, кшталту, “лепшы празаік новай гэнэрацыі”, “знакаміты блогер”, або да званняў і пасад, кіраўнікі саюзаў, галоўныя рэдактары перыёдыкі, някляевы-пашкевічы-пятровічы... , якая там літаратура, так званая “сакратарская”, і ў калоду пройдуць, як пасрэдная драбяза, або наогул, мейсца на такіх дзеячаў не хопіць. У стосе карт – усяго 54, а каля беллітаратуры трэцца чалавек пяцьсот.


87.58 КБ

Праект цяжкі для рэалізацыі. Літаратурных каралёў і валетаў я наздымаў, але ж траякоў не хапае...
..

19 Кст 2009, Пан, 22:00

***
На мой густ, дранікі з кабачка смачнейшыя за дранікі з бульбы. Дранікі з кабачка – восеньскія, а дранікі з бульбы – вясновыя, бо смачнейшыя са старой “крухмальнай” бульбы.
Сёння мама папрасіла завесці яе на дачу і памагчы сабраць ураджай часнаку. Я люблю маміны восеньскія нацюрморты: яблыкі, гарбузы, кабачкі, ды лук з часнаком.




Звычайны мамін восеньскі нацюрморт, кабачок з часнаком.

13 Кст 2009, Аўт, 19:59
Акіра Такенамі

Akira Takenami



На паэтычным фэсце сусветнай асацыяцыі хайку ў Літве з японскіх паэтаў і перакладчыкаў самым прыкметным і яскравым быў Акіра Такенамі (Akira Takenami ). Пісьменнік, фатограф, блогер і кінарэжысёр. Заўсёды ўскудлачаны, экстравагантна апрануты ў мужчынскія кімано, заўсёды з камераю ў руцэ і ветліваю ўсмешкаю на твары. Кнігі і фотаальбомы Акіры паспяхова прадаюцца ў Японіі. Кіно і некалькі кніг Акіра прысвяціў сваёй хатняй котцы Ноле.

З дазволу Акіры пераклаў некалькі хайку паэта.

***
Шолахі снегу
кранулі сэрца, калі
паваліўся кедр.

***
The sound of snow
reached its core,
the cedar falls

***
Зімовыя вят-
рыскі счапіліся на
люднай вуліцы.

***
A cold wintry wind
bites another on
the busy streets.

***
Працінае мур
белы зімовы подых
на захад і ўсход.

***
Breaking the wall,
white breath into
the west, the east.

09 Кст 2009, Пят, 20:12

Японская паэтка Хікары Кумоі ( Hikari Kumoi ) у Друзгеніках каля плота з хайку, 03. 10. 2009. Злева, з беларускім сцягам, мая хайку.

***
Бягу пад дажджом,
абмінаю лужыны,
дзірка ў красоўках.




Такую нечаканую інсталяцыю падрыхтавалі арганізатары паэтычнага фэсту.

08 Кст 2009, Чац, 18:44
Вільня

***
Восеньскі туман
над віленскім стадыёнам,
вежа “Бабілон”.

79.57 КБ

Вільня, 07.10.2009.

***
Брат заўважыў, што з усіх здымкаў, найлепшымі, я лічу адно апошнія, як быццам раблю аднадзённую газету.

08 Кст 2009, Чац, 18:19
прэзенты

За мінулы тыдзень атрымаў тры прыемных прэзента ад Вільні.

***
У віленскім выдавецтве VAGA выйшаў паэтычны зборнік “Druskininkai Poetic Fall 2009” з маімі хайку па беларуску, і ў перакладах Артураса Шыланскага на літоўскую і ангельскую мовы.

45.47 КБ

***
На паэтычным фэсце хайку -- World Haiku Association Conference 2009, давялося чытаць вершы ў касцёле святой Кацярыны. Здымкі з маім выступленнем не атрымаліся, (выпадкова выключыў камеру), але застаўся ўспамін пра ўрачысты і святочны настрой!

***
І нечаканы падарунак атрымаў учора ад сябра Сяргея -- скрыню выдатнага італьянскага віна! Вельмі кранула, бо разумею, што падарунак ад шчырага сэрца, і я цяпер ў разгубленасці, як-калі-чым аддзячыць. Пару бутэлек пакіну выпіць разам на Радзіме на нашае сяброўства! З доўгай дарогі шклянка чырвонага віна лепшы сродак зняць стому.

75.42 КБ

29 Врс 2009, Аўт, 19:44
Восень

***
Восень кранула
зямлю золатам або
сухой іржою.




***
Запрасілі ў Друскенікі на сусветную канферэнцыю хайку і фестываль, прысвечаны кароткай паэтычнай форме: хайку. Зноў у дарогу...

29 Врс 2009, Аўт, 00:13
Брат

Заўтра 29 верасня ў брата дзень нараджэння, а я не здолеў прыдумаць падарунак.
Вечная пакута з падарункамі!
Можа хто падкажа, што добрага падараваць паэту, мастаку, настаўніку і блізкаму чалавеку?




Адам Глобус з новаю карцінаю, 27.09.2009.

27 Врс 2009, Няд, 22:54
Макс

Разважалі за сталом пра неверагодныя з’явы прыроды і НЛА, як раптам пляменнік Макс прызнаўся, што бачыў НЛА.
-- Дзе ты бачыў? -- спыталі ў адзін голас дарослыя.
-- У Google! А дзе яшчэ я бываю?




Макс , Таццяна і сабачка Тоні.

15 Врс 2009, Аўт, 00:23

***
Самадзейныя мастакі і літаратурныя аматары людзі аднакарэнныя, адной крыві, таму заўважыў, што да твораў пасрэдных літаратараў вокладкі робяцца бяздарнымі дызайнерамі, а пісаніна літаратурных аматараў заўсёды афармляецца такімі ж саматужнымі мастачкамі недавучкамі. Як не круці, а графамана відаць адразу, па вокладцы.

11 Врс 2009, Пят, 23:26
Сёння дзень незалежнасці Каталоніі!

***
Краіна мае літаратуру, геніяльнае выяўленчае мастацтва і архітэктуру, гісторыю, уплывала на ўвесь свет, мае мову і сістэму адукацыі. Барселона -- культурная сталіца Еўропы, але... Але дзяржаўнасці і незалежнасці Каталонія атрымаць не здолела. Азіраючыся на Каталонію, разумею, як Беларусі пашанцавала.
А шурыкаў з міколкамі мы перажывем.






Барселона

08 Врс 2009, Аўт, 23:46
Постар “Сапежынскі прывід”




***
“Сапежынскі прывід” Тэафіліі Сабоцкай перакладаюць на польскую мову. Прыехала ветлівая дзяўчынка перакладчыца, пачала распытваць пра аповесць і ўводныя навелы, пра паланізмы і дыялектызмы. А я згадаў, што сярод іншых навелак у тэксце ёсць “Паданне пра музыку Ясечку, які падняў жонку з магілы”.
***
Недзе ў 1992 годзе кінарэжысёр Міхась Пташук замовіў нам, мне і Адаму Глобусу, напісаць сцэнарый спецыяльна для зорак Купалаўскага тэатра, народных артыстаў СССР Стэфаніі Станюты і Галіна Макаровай. Мы ўзрадавана ўзялі за аснову нашу ўводную навелу “Паданне пра Ясечку”, прыдумалі герою гарадскую жонку, роля для Сэфаніі, і вясковую жонку -- роля для Макаравай. І пачаў наш Ясечка боўтацца паміж горадам і вёскай. Ясечку мусіў граць Генадзь Гарбук. Ідэя і заяўка Пташуку спадабаліся, але ж нечакана Галіна Макарава адмовілася граць вясковую бабку. Сказала, што яна шляхетнага роду, чыстая гараджанка, у маладосці выйгравала чэмпіянат па мотакросу, і ў тэатр трапіла, толькі таму, што ў трыццатыя гады не магла, як дваранка, атрымаць вышэйшую адукацыю, меліся ж класавыя забароны на прафесіі, ды ёй моцна надакучыла тое вясковае клішэ, што прыляпілася да яе ў савецкім кіно. А недзе праз год Галіны Кліменцьеўны ня стала.
Так і не склалася нашае кіно з Пташуком, Макаравай і Станютай.
Але навела пра музыку Ясечку жыве і яшчэ чакае свайго кінематаграфічнага пераўтварэння.

07 Врс 2009, Пан, 23:03
Сляпыя фатографы

Здзівіла Нью-Йоркская галерэя сляпых фатографаў.
http://www.seeingwithphotography.com/swpc_contact_sheet.html
http://www.seeingwithphotography.com/
Гучыць парадаксальна. Працы падаюцца, як “пазарэальны” зрок.
Падмывае напісаць, што ў Нью-Йорку сляпыя здымаюць ня менш цікава, чым людзі з добрым зрокам. Але ж ў працах чытаецца і папрок, як быццам, глядач вінаваты ў чужой бядзе.

06 Врс 2009, Няд, 23:15
“Слова аб палку Ігаравым”

Пазычыў у сябра [info]kilgor_trautt выдатную ідэю -- рабіць постары на не пастаўленыя п’есы, ці на нерэалізаваныя праекты.

***
Вясною абмяркоўвалі з братам, што добра было б пераасэнсаваць “Слова аб палку Ігаравым”. Школьная праграма, але чытаць у рамках школы вершаваны тэкст, нават у перакладах геніяў Янкі Купалы або Мікалая Забалоцкага -- невыносная пакута.
Планавалі выдаць сучасны рыцарскі раман “Князь Ігар”.
Адам Глобус прыдумаў экранізаваць “Слова...”. Твор знакавы для ўсходніх славян. Існуе спрэчная версія, быццам “Слова...” напісана Кірылам Тураўскім. Прыпісваецца аўтарства і полацкай князёўне Марыі, жонцы князя Святаслава -- аднаго з галоўных герояў "Слова...".
Багатая ідэя! Цягне на паўнавартасны блокбастэр з вялікім бюджэтам. Але ж крызіс закасіў кінавытворчасць і ідэя завісла ў паветры. Мажліва, цяпер ідэя жыве сваім жыццём і блукае па нейкіх уладных калідораў ў пошуках фінансавання, і цалкам верагодна, што знойдзе выйсце, але ці вернемся мы да яе. Малаверагодна.

***
Постар на беларускі блокбастэр “Слова аб палку Ігаравым”.

96.07 КБ

01 Врс 2009, Аўт, 21:48
Айфон

Знаёмы ехаў з Амерыкі і прапанаваў прывезці айфон. Я падзякаваў, але ад айфона адмовіўся. Навошта мне кішэнны куртаты кампутар, 8 гігаў мозгу -- смешна, з мутнаю кішэннаю фотакамерай. Я працую за нармальным компам і тэлефон хачу мець самы звычайны. Я папрасіў знаёмага прывезці мне самы танны за 10 баксаў тэлефончык. Проста, каб званіў і не выдурваўся! Без аперацыйнай сістэмы і без жалезных мазгоў. Чым больш сёння наварочваюць у тэлефоны фігні, тым менш мне гэта падабаецца. Патрэбныя тэлефоны варта ведаць на памяць, каб свае мазгі не заіржавелі, астатняя я занатоўваю ў папяровы натанічак. Няма ў мяне даверу да чужой электрычнай памяці. Чуў, што ў штатах такія бязмозглыя тэлефоны папулярныя.
Знаёмы паабяцаў, але просьбу не выканаў. Не выгодна вазіць танныя рэчы, не заробіш.

***
Займальнае відэа, як прафесійна стэрыльна робіцца рэкламны буклет айфонаў.

Cover creation from Peter Belanger on Vimeo.

31 Жнв 2009, Пан, 23:12
Тсантса

***
Мне рэдка забараняць здымаць, а ў гэтым годзе нават дазволілі здымаць у барселонскім этнаграфічным музеі, мажліва, толькі таму, што я быў адзіным наведвальнікам.
Два ахоўніка індзейца хадзілі за мною як навязаныя. Але калі спытаў, ці можна сфатаграфаваць паўднёва-амерыканскія муміфікаваныя галовы, індзейцы ветліва кіўнулі ў адказ. Цяпер шкадую, што разам з пачварамі галовамі не здымаў ахову. Індзейцы добра глядзеліся ў музеі этнаграфіі, нават апранутыя ва уніформу аховы.

86.20 КБ

Тсантса “tsantsa” -- паўднёва-амерыканская “лялька” з высушанай чалавечай галавы. . +2 )

Рэклама

20 most recent