|
|
08 Кст 2009, Чац, 18:19 прэзенты
За мінулы тыдзень атрымаў тры прыемных прэзента ад Вільні. *** У віленскім выдавецтве VAGA выйшаў паэтычны зборнік “Druskininkai Poetic Fall 2009” з маімі хайку па беларуску, і ў перакладах Артураса Шыланскага на літоўскую і ангельскую мовы.  *** На паэтычным фэсце хайку -- World Haiku Association Conference 2009, давялося чытаць вершы ў касцёле святой Кацярыны. Здымкі з маім выступленнем не атрымаліся, (выпадкова выключыў камеру), але застаўся ўспамін пра ўрачысты і святочны настрой! *** І нечаканы падарунак атрымаў учора ад сябра Сяргея -- скрыню выдатнага італьянскага віна! Вельмі кранула, бо разумею, што падарунак ад шчырага сэрца, і я цяпер ў разгубленасці, як-калі-чым аддзячыць. Пару бутэлек пакіну выпіць разам на Радзіме на нашае сяброўства! З доўгай дарогі шклянка чырвонага віна лепшы сродак зняць стому.
20 Врс 2009, Няд, 21:32 Гарбузы
Прыкмета восені? Не, не каштаны на асфальце, каштаны занадта па французску. Для мяне восень пачынаецца з залацістых гарбузоў, што прыязджаюць з лецішча на кухонныя падаконні. ( +2 )
03 Врс 2009, Чац, 19:52 Кот
У ва мне лёгка ўжываюцца дзве супрацьлеглыя асобы, адна вечна незадаволеная сабою і недаацэньвае мае здольнасці, другая перабольшвае мае таленты і супакойвае незадаволенасці першай. Незадаволеная частка мяне – няшчасная і злосная, а шчаслівая – не разумная. *** Толькі мой хатні кот з большага перакананы, што я магутны і велічны чалавек.  Яшчэ Гуглік любіць колкую і жорсткую асаку.
*** Даўно не здымаў свайго коціка – не было нагоды. А сёння раніцаю вырашылі пакупаць ката, бо шастае па двару і з белага стаў шэрым. Таццяна лічыць, што ад ката пахне маім адэкалонам, мне раней, ад Гугліка пахла таццянінаю касметыкай, цяпер з вуліцы прыносіць пах пылу і глебы.  Пад катам вялікі рэпартаж пра купанне Гугліка. ( +12 )
16 Жнв 2009, Няд, 22:40 Фламенка
*** Крызіс у Каталоніі першымі адчулі дзікія вулічны каты. Яшчэ летась было не падыйсці, а цяпер дастаткова пашуршаць пакецікам з кашэчаю ежаю, як з усіх шчылін збіраецца зграя вулічных коцікаў і так ласка вуркочуць, і танчаць фламенка, як быццам толькі нас і чакалі.  Таццяна і вулічныя коцікі. ( +1 )
01 Жнв 2009, Суб, 18:42 Кот
Не раз чуў, быццам мой кот падобны да сурыката. Уважліва прыгледзіўся да сурыкатаў -- нічога агульнага з маім катом не знайшоў. Гога на раз падушыў бы гэтых пясочных пацучкоў.  Сурыкаты. ( +2 )
12 Чэр 2009, Пят, 23:32 Кот
Суседскі паўдзікі коцік прыносіць на прыступкі свайго дома задушаных мышэй і акуратна выкладае ў радок. Сёння двор быў засыпаны пёркамі, а коцік на ганак паклаў дзве птушыныя лапкі.
05 Чэр 2009, Пят, 22:23 Кот
У ката цячэ сляза і ён з раніцы мурзаты, як і ўсе вулічныя каты. Змучылі коціка рознымі лекамі, аналізы здавалі, дайшлі да цяжкіх антыбіётыкаў, памянялі трох ветэрынарных дактароў, а сляза цячэ. Медыцына бездапаможная. Гога не надта скардзіцца, скача жвавы і вясёлы, ірвецца на вуліцу ў ясную пагоду. Але цікава, ці хто ведае якія народныя сродкі лячэння катоў? Мусіць, раней неяк лячылі хатняю скацінку без дактароў. ( +1 )
29 Крс 2009, Сер, 22:28 Кот
Кот ловіць пчалу -- трэ пысу і мяўкае, плачацца з гора.  *** Хатні кот у двары ловіць усё, што рухаецца і лётае, не адрознівае матылька ад пчалы і чмяля. Пчолы добра джаляць, апухла лапа і пыса, але кот усё адно ўпарта кідаецца на ўсё, што ляціць. Думаў, пчолы навучаць ката баяцца. Не, кот -- упарты, пасядзіць, акрыяе і зноў кідаецца на пчолаў. Стала шкода коціка, занёс у дом, чую зноў плача, -- на шыбе злавіў і прыдушыў пчалу.
13 Крс 2009, Пан, 23:04 кот
Па вясноваму пацяплела – кот моцна просіцца на вуліцу, крычыць і па дому гойсае як ашалелы, разганяецца і спыніцца ня можа – бедалага, б’ецца галавою аб мэблю, ды так моцна, што ня днях разбіў голаў у кроў...
05 Сак 2009, Чац, 23:22 Белы конь
Сяброўка Таццяна расказала: ў Ратамцы на конеферме жыве белы конь з вялізнымі блакітнымі вачыма. Я сабраўся ў суботу паехаць спраўдзіць, і калі коніка не пусцілі на кілбасы, прывязу здымкі. Некалі ў барселонскім заапарку мяне вельмі ўразіў белы гарыла, адзіны ў свеце гарыла альбінос. Белы гарыла быў сапраўдным вялікім артыстам, рухаўся мала, адно прымаў артыстычныя позы, і як Марлон Брандо ў Апакаліпсісу Фрэнсіса Копалы, працаваў толькі тварам. Яркія сіні вочы іскрыліся зорным бляскам як каштоўныя каменьчыкі на ружовым твары гарылы. Дзіўна, што і белы гарыла і Брандо сышлі ў адзін год.  У майго Гугліка зялёныя вочы, але артыстызму не займаць..
05 Сак 2009, Чац, 22:56
Рыхтуюся да 8 сакавіка -- наздымаў кветак і коціка.  Белы кот і лілея. ( +1 )
*** Калі летась бралі ката, то заводчыца кашэчніца катэгарычна папярэдзіла – кату малака не даваць! --Чаму? --Захварэе кот ад малака, -- патлумачыла кашэчніца. Амаль год мы не давалі кату малака, але ж кот малако любіць так, што калоціцца. Любіць нават кашу, калі ў ёй пачуе кроплю малака. Пачалі па крышку даваць. Наліваем у сподачак, кот задаволена заплюшчвае вочы і хлебча малако да апошняй кроплі. І здаровы, і вясёлы, і рухавы. Але кожны ранак наліваю кату малака, а надушы неспакойна, мо памылку якую раблю? Можа не варта даваць малака? ( +1 )
01 Снж 2008, Пан, 22:31 кот
Днямі сабраўся выбудаваць нацюрморт з часнаком, але коцік сеў побач і з кадра не выходзіў. Ганяць ката немажліва, як і прымусіць пазіраваць, упарты, і жыве сваім лёгкім жыццём, ходзіць дзе хоча і робіць, што хоча. Згадаў, як днямі сяброўка barilotti папракнула: мала вывешваю коціка, і зняў разам з катом.  Кот і нацюрморт з перадкалядным часнаком. ( +2 )
12 Ліс 2008, Сер, 23:06 Хамяк
Дзеці прынеслі пару хамячкоў. Аднаго ўладкавалі ў добрыя рукі, а другі ў нас прыжыўся, абзавёўся клеткаю з колам. Ад ката хамячок хаваецца ў кола і круціць, і круціць колца, як быццам збіраецца з’ехаць. А кот пільнуе, сочыць, точыць кіпцюры, расцягваецца і таемна рыхтуецца да кідка.  Мітуслівы хамяк у мультыэкспазіцыі.
26 Кст 2008, Няд, 22:57 Хамяк і кот
*** У суботу дзеці прынеслі хамякоў, малых і пісклявых, як мышы. Неслі некаму ў падарунак, па дарозе занеслі да нас. Кот спачатку рабіў выгляд, быццам хоча бліжэй пазнаёміцца з сябрамі хамякамі. Покуль я сабраўся сфатаграфаваць новых знаёмых, гляджу ў ката поўсць устала дыбам, вусы ўпоперак галавы, вочы пачарнелі, кот адным скокам схапіў хамяка і ўцякаць, мусіць хацеў схаваць цацку на потым. Покуль лавілі ката, я думаў хамяку канец, але той здолеў самастойна выдрацца з кашэчай пасці і ўцёк за лядоўню. Усё скончылася дэмантажам і дробным рамонтам кухоннага абсталявання. ( +3 )
20 Кст 2008, Пан, 19:55 Кот
*** Калі мой каток Гога становіцца на заднія лапкі, то пачынае нагадваць звярка сурыката. Звычайна кот рэдка рэагуе на тэлевізар, але аднойчы ў тэлевізары Гога ўбачыў перадачу пра афрыканскіх сурыкатаў -- вельмі ўзбудзіўся, зазіраў за экран і ўважліва сачыў за выяваю, відаць пазнаў падобных да сябе істот. На задніх лапках кот танчыць , як просіцца на вуліцу, або калі ўбачыць хурму. За хурму душыцца, давіцца, не дае есці, выпрошвае і танчыць, скача і спрабуе выхапіць кавалак з рота. Ён еў бы і еў бы хурму, але баюся перакарміць ката.
13 Кст 2008, Пан, 21:04 Хоку
*** Цёплы чыгунны каналізацыйны люк. Грэецца котка.
10 Кст 2008, Пят, 22:40 Котка
*** Крама з мэбляю. Котка спіць на гарачым радыятары.
17 Врс 2008, Сер, 18:05 хоку
*** Коцік па звычцы выйшаў да вулічнага кафэ. Холад, дождж.
|